Сакавіцкія сустрэчы 2019: падводзім вынікі

29 сакавіка адбыўся III Форум арганізацый грамадзянскай супольнасці і ініцыятыўных груп Сакавiцкiя сустрэчы 2019.

Сакавіцкія сустрэчы 2019 – гэта пляцоўка для абмену досведам паміж актыўнымі людзьмі арганізацый грамадзянскай супольнасці, дзейнасць якіх накіравана на пазітыўныя змены ў грамадстве.

Амаль 180 прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасцці і ініцыятыўных груп грамадзян, донарскіх і міжнародных арганізацый, даследчыцкіх цэнтраў, органаў мясцовай улады і кіравання, бізнесу, СМІ, а таксама незалежных экспертаў і экспертак сустрэліся ў гасцінных прасторах Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ё. Рау. На Форуме працавалі Прастора кансультацый, Прастора даследаванняў, Прастора грамадзянскай актыўнасці, Прастора грамадзянскіх правоў, Прастора перспектываў і Дыскусійная прастора.

На Сакавіцкіх сустрэчах 2019 удзельнікі распавядалі пра сучасны стан грамадзянскай супольнасці, праблемы i дасягненні, абмяркоўвалі механізмы ўдзелу і ўплыву грамадзянскай супольнасці Беларусі на прыняцце рашэнняў, дзяліліся лепшымі практыкамі па стымуляванні пазітыўных зменаў. Удзельнікам Форума былі прадстаўлены даследаванні ў галіне гендарнай дыскрымінацыі на рынку працы, стаўлення беларусаў да беларускай судовай сістэмы, сацыяльнага прадпрымальніцтва, майстар-клас па міжнародных прававых інструментах у дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці, прэзентацыі адукацыйных рэсурсаў, грамадзянскага актывізму ў рэгіёнах і Мінску, анонсы мерапрыемстваў і шмат чаго іншага.

Вось што кажа Аляксей Шчарбацэвіч, прадстаўнік Валожынскай арганізацыі БелАДДІіМІ, пастаянны ўдзельнік Сакавіцкіх сустрэч: «Я вельмі натхніўся гэтым Форумам. Сакавіцкія сустрэчы даюць магчымасть пазнаёміцца з новымі людзьмі, навучыцца карысным рэчам і сустрэць старых знаёмых».

 

 

Мяркуючы па водгуках, пачутых асабіста і прачытаных у сацыяльных сетках, панэльныя дыскусіі і секцыі атрымаліся змястоўнымі і вельмі карыснымі. Абмеркаванні існуючых праблем праходзілі даволі эмацыйна, горача і займальна, што сведчыла пра высокую зацікаўленасць з боку ўдзельнікаў Сакавіцкіх сустрэч 2019 і іх рашучасць адстойваць свае погляды ў дачыненні да развіцця грамадзянскай супольнасці.

 

Сваімі ўражаннямі дзеліцца актывістка з Рэчыцы Таццяна Ласіца, якая раней не брала ўдзелу ў Сакавіцкіх сустрэчах: «Я вельмi ўдзячная за магчымасць распавядаць пра наш праект #маршрут_Копелян #Робімразам #zapraudu, вось тут, на гэтай пляцоўцы. А таксама была рада пабачыць сяброў з некамерцыйнага сектара. Вельмi шмат уражанняў ад панэляў».

 

Меркаванне аднаго з арганізатараў Форума, супрацоўніка Фонда «Новая Еўразія» Александра Лямперта: «Форум Сакавіцкія сустрэчы 2019 цалкам апраўдаў сваё прызначэнне публічнай пляцоўкі для сустрэч усіх і ўсяго, што жыве і дзейнічае ў грамадскім сектары, без якіх-небудзь галіновых, арганізацыйных або ідэалагічных абмежаванняў. І паколькі вялікая колькасць сёлетніх удзельнікаў раней не бралі ўдзелу ў Сакавіцкіх сустрэчах, то вельмі важна, што нам удалося яшчэ раз падняць важныя для развіцця грамадзянскага сектара пытанні і тэмы, а таксама ўключыць новых удзельнікаў у гэтую размову. Форум даў магчымасць усім жадаючым знаёміцца, дзяліцца досведам, дамаўляцца аб новых сумесных дзеяннях або праектах».

Шчыра дзякуем усім удзельнікам Сакавіцкіх сустрэч 2019 і нашым партнёрам, якія дапамагалі распрацаваць канцэпцыю і праграму Форума, а таксама дзяліліся сваёй экспертызай падчас мерапрыемства! Асаблівая падзяка Агенцтву ЗША па міжнародным развіцці (USAID) і Некамерцыйнай арганізацыі Пакт (Pact Inc.) за арганізацыйную і фінансавую падтрымку мерапрыемства.

Мы ўдзячны за тое, што Вы былі з намі. Жадаем Вам плённай дзейнасці і новых здзяйсненняў! Да сустрэчы ў наступным годзе!

III Форум арганізацый грамадзянскай супольнасці і ініцыятыўных груп Сакавiцкiя сустрэчы 2019 быў арганізаваны ў рамках праекта «Лідары зменаў», які рэалізуецца пры арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) і Некамерцыйнай арганізацыі Пакт (Pact Inc.)